ВІЛЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

Вілейскае мора, у Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Вілія. За 5 км на У ад г. Вілейка, у месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка. Найб. штучны вадаём Беларусі, галаўное гідразбудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пабудавана ў 1973—75 для назапашвання вады, рэгулявання сцёку і павелічэння воднасці Свіслачы, стварэння зоны адпачынку. Пл. 64,6 км², даўж. 27 км, найб. шыр. 3,6 км, найб. глыб. 13,8 м. Чаша — затопленыя даліны Віліі і Іліі, ёсць 10 астравоў. Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна пад лесам. Берагавая лінія даўж. 137 км слаба парэзана, ёсць 4 буйныя залівы, у якія ўпадаюць рэкі.

Вілейскае вадасховішча знаходзіцца на Нарачана-Вілейскай нізіне. Вадазбор мае спадзістахвалісты рэльеф з асобнымі эолавымі формамі, пад лесам 35%, пад ворывам 30% плошчы. Берагі нізкія (0,5—1 м), актыўна размываюцца (на 25% даўжыні), месцамі замацаваныя. На паўд. беразе пясчаныя пляжы шыр. 50—100 м. Дно выслана пяском, месцамі торфам (15%). Аб’ём вады 238 млн. м³, поўнасцю запаўняецца ў крас.чэрв. ў час веснавой паводкі. Сярэднегадавая амплітуда ваганняў узроўню вады 2 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне красавіка. Таўшчыня лёду 60—70 см. Летам паверхневыя слаі вады праграюцца да 18—22 °C, на прыбярэжных і мелкаводных участках да 24 °C. Пераважаюць паўд.-зах. і зах. вятры. Пры скорасці ветру 3—5 м/с выш. хваль 0,2—0,5 м, найб. — 1,5 м пры зах. ветры, з якім звязаны найб. разгон хваль уздоўж вадасховішча. Празрыстасць вады павялічваецца ад 1—1,5 м у вярхоўях да 2,5 м каля плаціны. Зарастае нязначна (10% плошчы) урэчнікамі, вадзяной грэчкай і інш. У сярэдзіне чэрв. пачынаецца «цвіценне» вады пры масавым развіцці сіне-зялёных водарасцей, адміранне якіх увосень пагаршае якасць вады і вядзе да заглейвання дна. Вакол вадасховішча створана зона адпачынку. Выкарыстоўваецца для заняткаў водна-лыжным, водна-маторным, вяслярным і парусным спортам, для летняй і зімовай рыбнай лоўлі (водзяцца шчупак, акунь, лешч, сярэбраны карась, джгір, трохіголкавая колюшка, плотка, верхаводка). На астравах гняздуюцца качкі, чайкі (у т. л. чайка малая, занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі), у некаторыя гады — лебедзі.

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)